ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў

(Hudson Bay),

заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак. Пл. 848 тыс. км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)